История храма

  Свята – Мікалаеўская царква ў вёсцы Азярніца 

Храм святителя Николая Чудотворца, с. Озерница, Слонимского района (фото 2016 г.)

Храм святителя Николая Чудотворца, с. Озерница, Слонимского района (фото 2016 г.)

Кожны горад, мястэчка або вёска маюць такія мясціны або будынкі, якія з’яўляюцца яго своеасаблівай візітоўкай. Свята-Мікалаеўская царква – гэта візітоўка Азярніцы.

Царква размешчана ў цэнтры вёскі. Яна была пабудавана ў 1867 годзе ў рэтраспектыўна — рускім стылі. Пабудавана яна з цэглы на сродкі казны ў памеры 6654 рублёў, і у той  час яна была прыпісана да Раства-Багародзіцкай царквы вёскі Міжэвічы. З’яўляецца  помнікам архітэктуры Сінадальнага напрамку рэтраспектыўнага-рускага стылю. Падоўжана-восевую кампазіцыю белакаменнага храма фарміруе двух’ярусная чатырохгранная калакольня-прытвор, прасторная трапезная, папярэчны аб’ём малітвеннай залы, прамавугольная абсіда. Сілуэт завяршае сферычны купал з макаўкай над калакольняй і купал на васьмігранным барабане асноўнага аб’ёму.

З гістарычных звестак нам вядома, што драўляная  царква існавала ў Азярніцы яшчэ ў 1861 годзе. Гэтыя звесткі пацверджаны ў   “Геаграфічна-статыстычным слоўніку Расійскай імперыі 1865 г.”      Аднак  пры невядомых абставінах яна згарэла. Пасля гэтага было прынята рашэнне пабудаваць цагляную царкву.

Аб тым, як будавалася царква, мы даведаліся з “Вестника Западной России. Историческая истина” кніжкі ХІ тома ІІІ,  выдадзенай ў Вільні ў 1868 годзе. У артыкуле “Асвячэнне царквы ў мястэчку Азярніца” гаворыцца, што 12 лістапада адбылося асвячэнне новай прыходскай  Свята — Мікалаеўскай царквы ў мястэчку Азярніца, размешчанай ў 20 вярстах ад павятовага горада Слоніма. У артыкуле падкрэсліваецца, што праваслаўе, дзякуючы Богу, працягвае ўжо спакойна і паўсюдна ўваходзіць у свае правы. Праваслаўныя храмы ўваскрасаюць ад свайго адвечнага запусцення і ўбоства, другія перабудоўваюцца, трэція ізноў узводзяцца, дзякуючы шчодрасці ўрада і мясцовага насельніцтва.

Абрад асвячэння Азярніцкай царквы здзейсніў архімандрыт Жыровіцкага манастыра Мікалай пры служэнні суседскага духавенства. Пасля выдатнай пропаведзі аб значэнні храма ў тутэйшым наваколлі, у  храме прагучаў стройны спеў вучняў Жыровіцкага духоўнага вучылішча і мясцовага народнага вучылішча.  Прыезджых гасцей  сустрэлі ветлівым прыёмам у хаце мясцовага пастыра.

З гэтага дакумента нам стала вядома, што на пабудову царквы была адпушчана сума 6,657 рублёў з капейкамі, 1,880 рублёў ахвяравалі вернікі Азярніцкага прыхода. Пабудова была даручана галоўнаму веданню павятовага будаўнічага камітэта, у якім у той час старшынстваваў вайсковы кіраўнік М.А. Раманавіч. Спачатку храм меркавалася пабудаваць па каштарысе з каменю. Царкоўная рада на сходцы вернікаў пры падтрымцы  мясцовага міравога пасрэдніка У.Н.Лаўрова прапанавала пабудаваць храм з цэглы, паколькі на месцы вельмі многа добрай гліны. Прапанавалі пабудаваць завод і прыгатаваць цагліны ў дастатковай колькасці для пабудовы ўсяго храма. Сяляне падумалі, пагутарылі,  трошкі паміж сабой паспрачаліся і нарэшце вырашылі: быць храму з цэглы.

Такім чынам, добрая думка і добрасумленная праца мелі наступныя вынікі:

  • акрамя трываласці і прыгажосці, новы храм павялічыўся супраць каштарысу больш чым на два аршыны ў дыяметры  і ў ім змагло змясціцца  каля 600 чалавек;
  • дах быў зроблены з так званага  вядомага графскага жалеза;
  • купалы былі пакрыты самаю лепшаю белай пецярбургскай бляхай;
  • прыбудаваны прыгожы франтавы ганак; вакол царквы ўладкавана новая каменная агароджа з прыгожай брамай;
  • у царкве зроблены запрэстольны каменны ківот; два такія ж ківоты ў іканастасе; набытыя абразы;
  • пафарбавана падлога.

Актыўны ўдзел у пабудове храма прыняў айцец Канстанцін Калоскі, які з’яўляўся ў гэты час настаяцелем храма.

Вернікамі Азярніцкага прыходу былі набыты да дня асвячэння храма запрэстольны крыж, абразы, шаўковы занавес да царскай брамы, панікадзіла, некалькі лампад, некалькі пар падсвечнікаў, што служыла яшчэ адным  з наглядных доказаў рэлігійных пачуццяў вернікаў. Мясцовыя старажылы: Якімчык Надзея Мікалаеўна, Сума Ніна Юльянаўна — яшчэ захавалі ў памяці  аповеды сваіх бабуляў і дзядуль пра  будаўніцтва і асвячэнне царквы. Якімчык Надзея Мікалаеўна расказала, што кожны двор мястэчка павінен быў адпрацаваць на пабудове царквы не менш трох дзён. Гэтая павіннасць, па-вясковаму, называлася  шараварак. Па ўспамінах яе бабулі, нягледзячы на тое, што праца была цяжкая, яна заўсёды з усхваляваннем ішла на працу, заўсёды апранала чыстую хустку і хвартух. Усё мястэчка працавала дружна, на дапамогу прыходзілі людзі з навакольных вёсак. У час асвячэння царквы прыехала шмат гасцей. Пасля святочнай службы госці былі запрошаны ў хату да мясцовага пастыра.

Новы храм пры выдатным  выбары месца (узгорак і цэнтр мястэчка) здалёк прыцягваў погляды сваёй узнёсласцю і прыгажосцю. Можна сказаць без перабольшвання, што гэта адзін з лепшых прыходскіх храмаў па епархіі нават і ў сённяшнія дні, а хор Свята-Мікалаеўскай царквы неаднаразова займаў прызавыя месцы на фестывалях царкоўных спеваў.

Жыццё праваслаўнай царквы ва ўсе часы было неспакойным. Гэта першая сусветная вайна 1914 – 1918 гадоў, жыццё пад польскай акупацыяй, прыход бальшавікоў, Вялікая Айчынная вайна і пасляваенны перыяд.

Але Азярніцкая праваслаўная царква, яе святары і вернікі з годнасцю выходзілі з цяжкіх становішчаў.

У час польскай акупацыі польскія ўлады бесцырымонна ўмешваліся ва ўнутраныя справы царквы, асабліва калі гэта перашкаджала апалячванню і акаталічванню беларусаў.

З прыходам бальшавікоў, у 1939 годзе, камуністы пачалі вытручваць праваслаўе. У час вялікіх святаў: Вялікадня, Раства  Хрыстова, Благавешчання і інш. актыў камуністаў і камсамольцаў дзяжурыў каля храма. Моладзь, інтэлігенцыя, вучні школы не дапускаліся на службу. Кароцька Вольга Іосіфаўна, жыхарка вёскі Драпава, расказвала сваім унукам, як яна з сяброўкай у 1941 годзе перад самай вайной ішла на Вялікдзень у храм. Патруль з настаўнікаў, партыйных і камсамольскіх актывістаў спыніў іх каля храма і не пусціў на службу.

Па ўспамінах нашых жыхароў, служба правілася і ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Толькі некалькі месяцаў у пачатку вайны, калі фашысты трымалі ў царкве палонных, службы не было. З ўспамінаў Цупрык Веры Міхайлаўны, жыхаркі вёскі Азярніца: “Палонныя, каб сагрэцца, спалілі шмат царкоўных запісаў, дакументаў, але свяшчэнныя кнігі яны захавалі. Некаторыя царкоўныя каштоўнасці людзі схавалі ў клебані – доме, дзе жыў святар. Калі вярнулася савецкая ўлада, то ў клебане часова быў размешчаны клуб і бібліятэка. У Азярніцы заўсёды быў вялікі прыход. Сюды прыходзілі людзі з Дзешкавіч, Ярнева, Пляцяніч, Раўтовіч, Мядухава, Росцявіч, Кашалёў, Рудаўкі, Вецявіч, Мыслава, Воўчак. Людзі ішлі пешшу.

На вясенняга Міколу праводзіўся фэст – прыстольнае свята царквы. Сюды прыязджалі архірэі і іншыя святары. Іх заўсёды сустракалі  хлебам і соллю, дарожкі высцілалі кветкамі. На свята хадзілі крэсным ходам па сяле”.

У музейным пакоі школы захоўваюцца ўспаміны Кароцька Вольгі Іосіфаўны, жыхаркі вёскі Драпава, у якіх  расказваецца наступнае: “Пасля таго, як немцы захапілі Азярніцу і ўстанавілі тут акупацыйны рэжым, мясцовыя жыхары  на скрыжаванні дарог амаль у кожнай вёсцы сталі ставіць    высокія драўляныя крыжы.   Вечарамі каля іх агароджы збіраліся людзі і маліліся, спявалі рэлігійныя песні.  А калі пачалося вызваленне Беларусі,  ноччу ў Свята-Мікалаеўскай царкве тайна прайшла служба, на якой маліліся аб хутчэйшым вызваленні ад фашыстаў”.

У 60-х гадах пачалося масавае зачыненне культавых устаноў. У Беларусі гэтыя акцыі пачаліся пасля прыняцця ЦК КПБ сакрэтнай пастановы «Аб мерах па ліквідацыі парушэння духавенствам савецкага заканадаўства» ад 3 лютага 1960 года. Да 1965 года  была зачынена вялікая колькасць цэркваў. У астатніх храмах  штодзённыя службы не праводзіліся, толькі ў нядзелю і па вялікіх святах. Па Гродзенскай вобласці канцэнтрацыя цэркваў была наступнай: у Навагрудскім раёне найвялікшая — 13; у Гародні і Гродзенскім раёне — 11 цэркваў, у Слонімскім раёне – 10. Сярод гэтых дзесяці дзеючых храмаў была і наша Свята-Мікалаеўская царква.

Непрыемнай старонкай у гісторыі нашай царквы стала падзея 2002 года, калі былі ўкрадзены пяць каштоўных рэчаў.  Прыхаджанка Свята-Мікалаеўскай царквы Ляпешка Алена Віктараўна расказала наступнае: “Дагэтуль памятаю, што ўсе мы рыхтаваліся да  Вялікадня. Але напярэдадні гэтага вялікага свята царква была абрабавана. Зніклі  пяць каштоўных рэчаў: Евангелле, якое было захавана з часоў вайны; сярэбраны крыж ХІХ стагоддзя, Евангелле ў сярэбранай аправе ХІХ стагоддзя, сімвал царквы і ікона Мікалая Цудатварцы ў сярэбранай аправе. Злодзея да цяперашняга часу так і не знайшлі”.

На жаль, мы  не ведаем поўны спіс святароў, якія правілі ў нашым храме. Добра вядома, што да вайны светаром тут быў айцец Місуня. Пасля вайны настаяцелямі храма з’яўляліся Кандрусевіч, Белайц, Хадунай, архімандрыт Афанасій, айцец Віктар, айцец Павел Жукоўскі, айцец Уладзімір Саверчанка, айцец Уладзімір, айцец  Генадзій Ліпскій.

священник Леонид Сенченко в алтаре храма (фото 2017 г.)

священник Леонид Сенченко в алтаре храма       (фото 2017 г.)

Зараз настаяцелем Свята-Мікалаеўскай царквы з’яўляецца святар Леанід Сенчанка,  ён  часты госць у школе і дзіцячым садку. Заняткі факультатыва “Асновы праваслаўнай культуры”, які вядзе  святар Леанід з цікавасцю наведваюць не толькі вучні, але і работнікі школы.

 

 

Матэрыял падрыхтавалі

Жыліч А.У., настаўнік гісторыі, Жыліч Т.В.,

кіраўнік гуртка “Спадчына” пры удзеле святара Леаніда Сенчанка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *